Красавiк 8

Юрый Міхайлавіч Александровіч

(1926 — 2020)

У маі 1945-га прагучалі першыя залпы ў гонар разгрому фашызму і заканчэння Вялікай Айчыннай вайны. З тых часоў Вялікую Перамогу людзі справядліва лічаць самым дарагім і светлым святам, у якім радасць і гора зліліся разам, бо практычна ў кожнай беларускай сям’і вайна забрала кагосьці з родных.

Мы смуткуем аб тых, чые жыцці забрала вайна, хто застаўся на палях бітваў. Вечная слава і памяць загінуўшым героям!

 

Нарадзіўся Юрый Міхайлавіч у Дзень святога Юрыя 23 красавіка 1926 года на хутары Газа.

Некалі дзед Юрыя меў валоку зямлі і жыў нябедна. Але калі бацька стаў гаспадаром, справы не заладзіліся: дохла, марнавалася жывёла, слабымі былі ўраджаі бульбы, лёну і збожжа. А ў сям’і – шасцёра дзяцей: трое хлопцаў і трое дзяўчат. Іх карміць, абуваць, адзяваць трэба.

Захварэла ад цяжкай работы маці, а ў 45 гадоў захварэў запаленнем і памёр, пакінуўшы жонку і дзяцей у беднасці і нястачы, бацька.

Старэйшы брат Антон дапамагаў маці па гаспадарцы. Юрый, калі троху падрос, пайшоў служыць у людзі: пасвіў чужых кароў і хадзіў за плугам у чужой гаспадарцы – усяго давялося паспытаць, каб сям’я не жабравала.

Вучыцца не давялося, хаця маці для таго часу была адукаваная: закончыла 7 класаў польскай мовы – а бацька ўсяго два. Не да навукі было і іх дзецям – пачалася вайна.

Хлопцы падрасталі, пасталелі, узмужалі. У Юрыя з’явілася каханая Стася – прыгожая і добрая дзяўчына. Жыві, працуй і радуйся! Ды 18-гадовага хлопца ў 1944 годзе забралі ў войска. Падвучылі крыху ваеннай справе, а потым адправілі на фронт у армію імя Т. Касцюшкі ў полк № 2 стралком-аўтаматчыкам. У эшалоны – і на фронт, у Польшчу. Так беларускі хлопец вызваляў Варшаву, але атрымаў раненне і трапіў у шпіталь. Падлячылі – і зноў на фронт, на перадавую.

У паўсотні кіламетрах ад Берліна ў час наступлення яго засыпала зямлёй ад разрыва снарада, і Юрый не памятае, што з ім было далей. Ачуняў ужо ў бальніцы: кантузія. Там жа ён дазнаўся пра Перамогу.

Выздаравеў і зноў вярнуўся ў свой полк, дзе і служыў санітарам. Камісавалі яго толькі восенню 1946 года.

Салдат вярнуўся да мірнай працы на сваю радзіму, дзе чакала яго сям’я і верная каханая Стасечка, якая неўзабаве стала яго жонкай. У сям’і нарадзілася двое дзетак – сынок і дачушка.

Юрый самастойна навучыўся цяслярскай справе. Будаваў і шаляваў хаты, вёў гаспадарку. Падрасталі дзеці, усё паціху абсталявалася. Але стала хварэць і ў 44-гадовым узросце памерла жонка. А тут яшчэ сталі збіраць з хутароў у калгасы.

У калгасе былы салдат працаваў там, дзе цяжка: на канюшні, на ферме, у полі – не меў водпуску аж да выхада на пенсію. Ды і пасля гэтага працаваў яшчэ доўга.

Юрый Міхайлавіч – шчыры, вясёлы і адкрыты чалавек. Для яго патрыятызм – не проста слова, але і лад яго жыцця. Ён прырос, прыкіпеў да сваёй вёскі, дзе і людзі, і паветра – родныя. У сваім такім ладным і моцным дамку ветэран адчувае сябе гаспадаром свайго жыцця. І гэтак хочацца былому салдату, каб яго дзеці, унукі, праўнукі і ўсе наступныя пакаленні жылі ў міры, працы, разуменні. Каб больш не гінули людзі і не рваліся снарады.

Информацию предоставила

заведующая отделом обслуживания и

информации Островецкой районной библиотеки

Подворская Т.М.


1.  Ветерана Великой Отечественной войны Егора Михайловича Александровича поздравили с 90-летием // Астравецкая праўда. – 2016. – 25 красавіка.

2. Грамбовская, Е. Спешите делать добро – призывают сотрудники Беларусбанка / Елена Грамбовская // Астравецкая праўда. – 2018. – 28 красавіка.

3. Королевич, Д. Бойцы студотрядов побывали в гостях у ветерана Великой Отечественной войны Егора Михайловича Александровича / Дмитрий Королевич // Астравецкая праўда. – 2017. – 1 августа.

4. Кухарэвіч, Л. Лёс салдата-пехацінца: Ю. М. Александровіч / Людміла Кухарэвіч // Астравецкая праўда. – 2015. – 8 мая. – С. 5.

5. Рыбик, Н. Эта весна для ветерана Великой Отечественной войны Егора Михайловича Александровича выдалась богатой на праздники / Нина Рыбик // Астравецкая праўда. – 2016. – 7 мая.