Лiстапад 17

Гісторыя бібліятэк раёна

Летапіс Астравецкай ЦБС

         Астравецкі раён утвораны 15 студзеня 1940-га года ў складзе Вілейскай вобласці. З чэрвеня 1941 года раён акупіраваны нямецка-фашысцкімі захопнікамі і вызвалены летам 1944 года.

         У музеі Быстрыцкай базавай школы ёсць адзін экспанат, міма якога нельга прайсці без хвалявання. Гэта выцвілая ад часу фатаграфія маладой  і прыгожай дзяўчыны з хутара Юзэфова Валерыі Ігнатаўны Тубіс. Рамантычна-ўзнёслая, у дзевятнаццаць гадоў яна стала першай у наваколлі камсамолкай, першай быстрыцкай “ізбачкай”. У акупацыю збірала і перапісвала лістоўкі, скінутыя з самалётаў. Аднойчы восенню паліцаі ўварваліся ў дом Тубісаў, знайшлі камсамольскі білет. Босую, па мёрзлай зямлі пагналі Валерыю ў Жарнэлі на допыт. Хацелі выведаць, з кім мела сувязь. Дзяўчыну білі, адлівалі вадой і зноў білі. Але яна нічога не сказала, толькі гідліва плюнула ў вочы паліцаю. Расстралялі камсамолку ў лесе, ля хутара Санова (А.Мальдзіс. Астравеччына, край дарагі…, 1977.с.137-138).

         Літаральна з першых месяцаў пасля заканчэння Вялікай Айчыннай вайны ў Астравецкім раёне пачалося аднаўленне ўстаноў культуры. У сумеснай пастанове раённага камітэта КП(б)Б і выканкама райсавета дэпутатаў працоўных ад 1 жніўня 1944 года  значыўся пункт: з1 жніўня 1944 года  аднавіць клубы і хаты-чытальні, у першую чаргу ў Астраўцы і Варнянах. Пазней хаты-чытальні адкрываліся і ў іншых месцах. Ужо ў верасні 1944 года ў 63 школах раёна села за парты 5600 вучняў, працавалі два дамы сацкультуры і 14 хат-чытальняў.

         Хаты-чытальні былі падведамасныя раённаму аддзелу народнай адукацыі. Паколькі клуб напачатку быў адзін на цэлы раён (у Астраўцы), асноўнымі ачагамі культуры на вёсцы з’яўляліся хаты-чытальні. Яны павінны былі мець гурткі мастацкай самадзейнасці, выпускаць насценныя газеты, праводзіць гутаркі і гучныя чыткі газет насельніцтву. Лепшай лічылася Байканская, дзе “ізбачка” Соф’я Вікенцьеўна Кандратовіч, потым дэпутат Вярхоўнага Савета БССР, арганізавала драматычны і харавыя гурткі, курсы па ліквідацыі непісьменнасці. Актыўна працавала хата-чытальня ў Варнянах (загадчыца – Валуевіч). Тут дзейнічалі харавы, драматычны і фізкультурны гурткі, а таксама гурток чытальнікаў. Была і бібліятэка, кнігі рэгулярна абменьваліся ў раённай бібліятэцы. Работа культасветустаноў кантралявалася органамі ўлады. Так, выканкам патрабаваў ад загадчыкаў культасветустаноў арганізоўваць работу хат-чытальняў, вучобу кадраў і абмен кніг паміж хатамі-чытальнямі, сістэматычна папаўняць кніжныя фонды.

         Астравецкая раённая бібліятэка месцілася ў драўляным катушку тагачаснага  дзяжурнага прадмага. З першых гадоў стварэння бібліятэкі нязменна працавала там Атосіна Ніна Лаўрэнцьеўна. Вядома, што ў 1945 годзе фонд налічваў каля 3 тыс.экз. кніг. Кнігі тады бралі па чарзе, усяго на адну ноч, адзіны экзэмпляр “Маладой гвардыі” быў зачытаны да дзірак. А то і ўвогуле збіраліся каля адзінага стала і чыталі ўслых “Рыбакову хату”. (Мальдзіс А. Астравеччына, край дарагі…, 1977.с. 49-50).

         Першай загадчыцай раённай бібліятэкі была, хутчэй за ўсё, Клаўдзія Дзям’янаўна Шыёнак, прынамсі, іншых звестак пакуль не знайшлі. У 1954 годзе рашэннем райвыканкама ад 6 студзеня пад раённую бібліятэку быў перададзены і потым перавезены дом грамадзяніна А.У.Тамашэвіча з вёскі Асінаўка Валейкішскага сельсавета, які выехаў у Польшчу. Бібліятэка размяшчалася на вул. Савецкай,2, дзе і функцыянавала да 1996 года. Трыццатага лістапада 1996 года бібліятэку перавезлі ў будынак былой тыпаграфіі на вул. Набярэжную,6.

         Пачатак 60-х гадоў  адзначаўся актыўным будаўніцтвам устаноў культуры. У планах на 1961 -62гг. значылася ўзвядзенне адной бібліятэкі і адной хаты-чытальні. Гэты факт сведчыў пра тое, што быў час, калі культурнаму развіццю вёскі надавалася вялікая ўвага. У 70-ыя гады бібліятэка месцілася ў тым жа старым драўляным доміку “насквозь продуваемому ветрами”. Фонд вырас да 37000экз., якім карысталася 1800 чалавек. Загадвала бібліятэкай Яніна Мураўская. У чытальнай зале стаяла 10 сталоў. Былі картатэкі, паліцы з часопісамі, добра аформленыя стэнды, але чытачы наведвалі бібліятэку не вельмі актыўна.

         “…-Не ідуць! – злосна паблісквае акулярамі загадчыца. – Нядаўна мы падрыхтавалі пушкінскі вечар, развучылі вершы, урыўкі з “Барыса Гадунова”. Дык, не паверыце, сарвалася мерапрыемства. Сабраць канферэнцыю чытачоў – цэлая праблема.

         -Канферэнцыю… А вы шукаеце новыя метады работы?

         -Калі тут да новых метадаў, — загадчыца зрываецца ледзь не на адчайны плач. – Столькі цяпер увялі справаздач! Апошні месяц былі на ўборцы, запусцілі ўсю метадычную работу. Ды і хто такі малады спецыяліст? Закончыць бібліятэчны факультэт інстытута, а атрымоўвае ўсяго 85 рублёў, толькі на 12 рублёў больш, чым бібліятэкарка пасля 10-ці класаў. Жыве на прыватнай кватэры, перспектывы ніякай. На адным энтузіязме далёка не заедзеш. Таму і не хочуць з раёну ісці ў бібліятэкары і культработнікі. Прыязджаюць пераважна з іншых раёнаў. Адпрацуе такая тры гады і ўцякае. Я таксама ўцяку! Абавязкова ўцяку! У Смаргонь ці Мядзель, бліжэй да родзічаў… Вы прабачце ўжо, што я так разнервавалася. Набалела даўно…” (А.Мальдзіс. Астравеччына, край дарагі..,1977. с.50).

         Пытанне з падборам кадраў для культуры  раёна тады стаяла востра. У 1974 годзе з 41 работніка бібліятэк звольнілася 17, амаль палова. Адсутнасць кадраў, беднасць фондаў, састарэлае абсталяванне ўскладнялі абслугоўванне насельніцтва. Сярод бібліятэк раёна на той час лепшай лічылася Гірская сельская бібліятэка. Бібліятэкай выдатнай працы яе зрабіла Антаніна Фамінічна Багачова. Кнігі тут брала 455 чытачоў, на кожнага ў год прыпадала па 12 выдач. Гэта была адзіная сельская бібліятэка, якая карысталася прамым міжбібліятэчным абанементам, мела добрыя кантакты са школай і сельсаветам.

         12 ліпеня 1977 года выканаўчы камітэт Астравецкага раённага Савета дэпутатаў прыняў рашэнне №19 “Аб цэнтралізацыі сеткі дзяржаўных масавых бібліятэк Астравецкага раёна Гродзенскай вобласці”. Яно было прынята ў мэтах далейшага ўдасканалення культурна-асветніцкай работы бібліятэк, паляпшэння якасці бібліятэчнага абслугоўвання насельніцтва, павышэння эфектыўнасці выкарыстання кніжных фондаў і асігнаванняў, якія адпускаліся на ўтрыманне бібліятэк.

         Цэнтралізацыя бібліятэк адбылася ў  жніўні 1978 года. З гэтага часу ўсе дзяржаўныя масавыя бібліятэкі раёна аб’ядналіся ў цэнтралізаваную сістэму з агульным кніжным фондам, адзіным штатам, арганізацыйна-гаспадарчым кіраўніцтвам на базе Астравецкай раённай бібліятэкі. Астравецкая дзіцячая бібліятэка была рэарганізавана ў дзіцячы аддзел цэнтральнай бібліятэкі, а сельскія бібліятэкі атрымалі статус філіялаў.

         На цэнтральную бібліятэку была ўскладзена адказнасць за арганізацыю бібліятэчнага абслугоўвання дарослага насельніцтва і за ўсю работу ўсёй цэнтралізаванай сістэмы. А на дзіцячы аддзел – за бібліятэчнае абслугоўванне дзяцей раёна.

         Пачынала цэнтралізацыю бібліятэк у раёне Данута Францаўна Чэрнушэвіч. Яна была першым дырэктарам Астравецкай цэнтралізаванай  бібліятэчнай сістэмы.Затым цэнтралізаваную сістэму аддзела культуры Астравецкага райвыканкама у пачатку 80-ых гадоў узначаліла Вера Сцяпанаўна Тумаш, якая працавала дырэктарам да 2000 года. Па стане здароўя была пераведзена на пасаду намесніка дырэктара ЦБС, а бібліятэчную сістэму ўзначаліла Мяшкова Яніна Браніславаўна.

         Усё жыццё Вера Сцяпанаўна прысвяціла бібліятэчнай справе. Па яе прапанове ў цэнтральнай бібліятэцы была створана краязнаўчая гасцёўня. Вера Тумаш шмат сабрала матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці нашых славутых землякоў – І.Гашкевіча, А.Мальдзіса, К.Сваяка, Я.Быліны. Арганізоўвала цікавыя сустрэчы з мясцовымі паэтамі, наладжвала прэзентацыі іх новых кніг (гл. Дадатак).

         Вера Сцяпанаўна прымала ўдзел у Міжнароднай навуковай канферэнцыі “Рым – 4”, прысвечанай узаемадзеянню нацыянальных і рэгіянальных культур Беларусі, Літвы, Польшчы і Украіны. Яе выступленне “На скрыжаванні розных уплываў” змешчана ў кнізе “Беларусіка. Кн. 3-я. Нацыянальныя і рэгіянальныя культуры, іх узаемадзеянне” (Рэд. А.Мальдзіс і інш.,Мн., Навука і тэхніка, 1994,с. 200-203).

         Матэрыялы пра І.А.Гашкевіча “Па слядах беларускага Адысея” былі надрукаваны ў газеце “Астравецкая праўда”.

         У той час у раёне налічвалася 50 бібліятэк: раённая, дзіцячая і 42 філіялы і 6 бібліятэчных пунктаў выдачы. Бібліятэчны фонд складаў 330886 экз., у тым ліку ў цэнтральнай раённай бібліятэцы – 35961 экз. За 1978 год у бібліятэкі раёна паступіла 34769 экз. літаратуры і перыёдыкі, у ЦБ – 2418. Кнігавыдача склала ўсяго па ЦБС – 461135 экз., у тым ліку ў ЦБ – 56911. У сістэме працавала 57 бібліятэчных работнікаў, з іх вышэйшую бібліятэчную адукацыю мелі толькі 3 работнікі, сярэднюю спецыяльную – 16.

         Калі рыхтаваліся да цэнтралізацыі, была праведзена вялікая работа з кніжным фондам: на кожную кнігу была напісана бібліятэчная картка як для алфавітнага, так і для сістэматычнага каталогаў. Такім чынам, у кожнай сельскай бібліятэцы былі створаны каталогі – асноўнае звяно даведачна-бібліяграфічнага апарату, які забяспечвае поўную і аператыўную інфармацыю аб кніжным фондзе бібліятэкі.

         Пасля цэнтралізацыі бібліятэк была палепшана матэрыяльна-тэхнічная база. Усе сельскія ўстановы культуры значна змяніліся ў лепшы бок, набылі добры знешні і ўнутраны выгляд. Для кожнага чытача ЦБС з’явілася магчымасць карыстацца любым выданнем, што паступіла ў адзіны кніжны фонд. З цягам часу ў Астравецкай ЦБС адбыліся розныя змены – як станоўчыя, так і не вельмі. Паступова скарачаецца сетка бібліятэк. Сельскія бібліятэкі-філіялы зачыняюцца ў сувязі са змяншэннем колькасці насельніцтва ў зонах абслугоўвання. На пачатку 2003 года ў Астравецкую ЦБС уваходзіла 31 бібліятэка, з іх 29 – сельскія. Кніжны фонд складаў 333961 экз., за год паступіла ўсяго толькі 2341 экз. новых кніг (для параўнання: 1996г. – 4422, 1997г. – 5046,1998г. – 4481,1999 – 3599,2000г. – 2436). Кнігавыдача склала 365490экз. Бібліятэкі абслужылі 19445 чытачоў. Запыты чытачоў з кожным годам растуць, а нашы фонды не поўнасцю ім адпавядаюць. Яны запоўнены літаратурай,якая не карыстаецца попытам у чытачоў. Іх трэба абнаўляць, прычым тэрмінова і кардынальна.

         З мэтай захавання сеткі бібліятэк адбылася рэарганізацыя Бабраўніцкай бібліятэкі філіяла ў сельскую бібліятэку – музей, а Завідзіненцкай бібліятэкі-філіяла –  у бібліятэку-клуб.

         У 2003 годзе, на прафесійнае свята – Дзень бібліятэк – Астравецкая цэнтралізаваная сістэма ўрачыста адзначыла свой 25-гадовы юбілей, у сувязі з якім была ўшанавана  самаадднаная праца бібліятэчных работнікаў: Ганаровымі граматамі Астравецкага райвыканкама і райсавета былі ўзнагароджаны Пінчук В.П. (загадчык аддзела маркетынгу), Мілешка Н.У. (бібліятэкар дзіцячай бібліятэкі).

         Павышэнню эфектыўнасці і якасці абслугоўвання чытачоў садзейнічае выкарыстанне сучасных тэхнічных сродкаў у ЦБС і аўтаматызацыя бібліятэчных працэсаў. У цэнтральнай раённай бібліятэцы ёсць два камп’ютэры і ксеракс. Нядаўна  набыты яшчэ два камп’ютэры – непасрэдна для цэнтра прававой інфармацыі і дзіцячай бібліятэкі. Неабходны для работы яшчэ адзін ксеракс для дзіцячай бібліятэкі.

         У ЦБС працуе 46 бібліятчных работнікаў. Кадры на сённяшні дзень стабільныя, пераважная большасць – выхадцы з нашага раёна. Вышэйшую адукацыю маюць 24 чалавекі,  з іх 21 – бібліятэчную, сярэднюю бібліятэчную – 19.

         Вялікую ўвагу адміністрацыя, метадычная служба цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы надае павышэнню кваліфікацыі кадраў. Практыкумы, стажыроўкі, круглыя сталы, школы вучобы – ўсё гэта спрыяе высокапрафесійнаму выкананню задач, якія павінны вырашацца бібліятэкарамі на сучасным этапе. Таму вучоба кадраў праходзіць на базе  некалькіх сельскіх бібліятэк. Так, бібліятэкары пазнаёміліся з работай Бабраўніцкай бібліятэкі-музея, Варонскай, Варнянскай, Трокеніцкай, Гервяцкай, Рымдзюнскай, Страчскай і Спондаўскай сельскіх бібліятэках.

         З мэтай арганізацыі цікавага і карыснага вольнага часу насельніцтва ў большасці бібліятэк сістэмы арганізаваны аматарскія аб’яднанні. Гэта сапраўдныя астраўкі чалавечых зносін, дзе збіраюцца аднадумцы. Асноўная іх мэта – прапаганда і распаўсюджванне роднай мовы і культуры, гісторыі свайго краю, экалагічных ведаў, захаванне народных традыцый. У апошнія гады такая форма набывае ўсё большую папулярнасць, аб чым сведчаць і лічбы: яшчэ тры-пяць гадоў назад пры бібліятэках раёна дзейнічала каля 10 такіх фарміраванняў, цяпер  іх – 22, куды ўваходзяць больш за дзве сотні чалавек. Як станоўчы фактар тут можна адзначыць і тое, што асноўная частка аб’яднанняў працуе з дзецьмі і моладдзю.

         Астравецкая дзіцячая бібліятэка па недакладных звестках была заснавана ў 1964 годзе. Размяшчалася ў пакойчыку цяперашняга цэнтра пазашкольнага выхавання на вул. Ленінскай. Але хутка пераехала ў будынак раённага Дома культуры, дзе знаходзілася да 1988 года. З таго часу дзіцячая бібліятэка мяняла чатыры месцы жыхарства, пакуль не пераехала ў апошні раз — у будынак былога раённага суда – на вул. Энгельса.

         Арганізатарам дзіцячай бібліятэкі, першым яе бібліятэкарам была Тумаш Вера Сцяпанаўна. У якасці яе загадччыцы і бібліятэкара адначасова яна прабыла да 1981 года.

         Загадчыцамі ў розныя часы былі Пінчук Вольга Пятроўна і Мілешка Надзея Ўладзіміраўна. З 1991 года бібліятэкай загадвае Гірдзей Таццяна Іванаўна. На працягу існавання бібліятэкі тут працавалі ветэраны бібліятэчнай справы: Аляксеева Лідзія Васільеўна, Якавіцкая Ніна Сямёнаўна, Мілаш Тамара Віктараўна. Бібліятэкары актыўна супрацоўнічалі са школай, актыўна праводзілі масавыя мерапрыемствы і індывідуальную работу з чытачамі. Бібліятэка стала метадычным цэнтрам па абслугоўванні дзіцячага чытача ў раёне.

         Новы этап  у дзейнасці бібліятэкі пачаўся з 1978 года, калі яна ўлілася ў склад раённай ЦБС – стала яе дзіцячым аддзелам. На 01.01. 1978 года кніжны фонд бібліятэкі складаў 18959 экз., абслугоўвалася чытачоў – 1815 чалавек.

         Бібліятэка сёння – гэта 2303 чытачы, якія наведваліся сюды 17774 разы і якім выдадзена 44310 дакументаў з фонду бібліятэкі. У штаце працуюць чатыры бібліятэкары.

         Прыярытэтнымі накірункамі работы бібліятэкі сёння з’яўляюцца: экалагічнае і эстэтычнае выхаванне, краязнаўчая работа. Бібліятэка цесна супрацоўнічае са школамі Астраўца, цэнтрам пазашкольнай работы, раённым Домам культуры.

         Традыцыйна бібліятэка праводзіць Тыдзень дзіцячай і юнацкай кнігі, Тыдзень экалогіі, Свята прысвячэння ў чытачы, Тыдзень беларускага пісьменства, тэатралізаваныя прадстаўленні, літаратурна-гульнёвыя праграмы, краязнаўчыя ўрокі, урокі дабрыні, здароўя і многае іншае.

         Пры бібліятэцы з 1997 года працуе клуб эстэтычнага напрамку “Вясёлка” для падлеткаў.

         Сярод бібліятэчных работнікаў ЦБС многа ветэранаў працы. Гэта С.Ф.Шаблоўская, І.Ф.Валуевіч, А.П.Мізей, М.С.Вішнеўская, А.Я.Мінкевіч, В.А.Касцечка, В.У.Ражко, Л.Ю.Пазлевіч, М.В.Саковіч, Н.С.Якавіцкая, Т.А.Кісель, Н.У.Мілешка, Г.М.Серая, В.П.Пінчук і іншыя. Многія сёння ўжо знаходзяцца на заслужаным  адпачынку: А.Ф.Багачова, Л.В.Аляксеева, Я.А.Тамашэвіч, Т.А.Янковіч, Т.К.Руновіч, В.Ц.Глушкова, Л.П.Суднік. На змену ім прыходзіць новае папаўненне.

         Рашэннем Астравецкага райвыканкама і Савета аддзела культуры з 1998г. у межах раённага конкурсу “Лепшы культработнік года” у намінацыі “Лепшы бібліятэкар года” вызначаны пераможцамі: Саковіч М.В. (м.Гудагайская б-ф), Тварагаль В.М. (пас. Гудагайская б-ф), Кісель Т.А. (дзіцячая б-ка), Бяляўская Л.Э. (Мальская б-ф), Комар С.І. (Бабраўніцкая б-музей), Валуевіч І.Ф. (Спондаўская б-ф), Вішнеўская М.С. (Варонская б-ф).

Чвэрць стагоддзя на карысць людзям

         Дваццаць сем гадоў працуе ў Астравецкай ЦБС Людміла Юліянаўна Пазлевіч. Загадвае яна Гервяцкай сельскай бібліятэкай. Пачынала асвойваць бібліятэчную прафесію ў Чэхскай сельскай бібліятэцы, затым, змяніўшы сямейнае становішча і месца жыхарства – у Гервятах. Стаяла ля вытокаў цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы, сваімі рукамі стварала каталогі. Толькі той, хто зрабіў апісанне мноства соцен, тысяч картак, ведае, як тыя карткі стаяць уваччу і сняцца начамі. Завочна скончыла Магілёўскі бібліятэчны тэхнікум. Перажывала і лепшыя, і нялёгкія часы бібліятэчнай справы. І ніколі не пашкадавала пра аднойчы зроблены выбар.

         Спачатку Людміла Юліянаўна марыла стаць міліцыянерам. Потым, у старэйшых класах, дзіцячую “міліцэйскую” мару змяніла іншая: ёй хацелася стаць урачом. Хоць канчатковая мэта была ўсё тая ж: дапамагаць людзям.

         Але адразу ж пасля школы “штурмаваць” медінстытут яна не рашылася – хацела падзарабіць грошай, каб бацькам было лягчэй…

         Нейкі час Людміла працавала на астравецкім заводзе, філіяле Вільнюскага ваеннага завода. А потым загадчыца Чэхскай бібліятэкі Я.С.Дудко пераязджала на пастаяннае месца жыхарства ў Астравец і прапанавала адной з самых актыўных чытачак сваё месца.

         -Пераходзь працаваць у бібліятэку. Тут часу вольнага шмат, усе кнігі патрэбныя пад рукой – зможаш падрыхтавацца да паступлення.

         Як потым аказалася, вольнага часу ў сельскага бібліятэкара зусім не так і многа, як гэта ўяўляецца недасведчанаму. Але Людміла, папрацаваўшы ў бібліятэцы, зразумела адну простую ісціну: карысць людзям можна прыносіць на любым месцы – пры ўмове, што выконваеш свае абавязкі добрасумленна, адносішся да справы з душой. І калі прыёмная камісія медінстытута не разгледзела ў сарамлівым позірку вясковай дзяўчыны імкнення дапамагчы ўсім, хто мае ў гэтым патрэбу, гэта не стала трагедый. Люда вырашыла: застаюся ў бібліятэцы.

         Тым больш, што справа гэтая ёй падабалася. Некалі бацька, просты вясковец, які тым не менш вельмі любіў чытаць, прывёў за ручку маленькую Люсю ў бібліятэку-перасоўку ў вёсцы Палястыне, каб узяць дачушцы казкі братоў Грым. Патрэбнай кніжкі якраз не аказалася на месцы, але бацька ўзяў нейкую іншую, не менш цікавую. І з таго часу кнігі і бібліятэка назаўсёды пакарылі сэрца дзяўчынкі, яна бегала сюды ледзь не штодня. А калі лёс узяў яе за руку, як некалі тата і, абмінуўшы прыгожыя ружовыя мары, прывёў за стол бібліятэкара, яна не пакрыўдзілася і не стала наракаць: успрыняла ўсё як  належнае і нават з удзячнасцю.

         -Бібліятэкар працуе з людзьмі, і гэта для мяне – самае галоўнае, — дзеліцца патаемным Людміла Юліянаўна.- Нехта прыходзіць проста кнігу патрэбную ўзяць, а іншы пагаварыць, пра набалелае расказаць. І яшчэ невядома, што важней.

         Сённяшнія чытачы, мажліва, іншыя, чым былі нават дзесяцігоддзе назад: ім патрэбна не проста “што-небудзь пачытаць”, а канкрэтная інфармацыя, пэўная кніга, твор. І ад бібліятэкара патрабуюцца новыя веды, новыя грані прафесіяналізму, якія яны набываюць на розных курсах, семінарах.

         -Кажуць, што бібліятэкі цяпер не патрэбны, што людзі туды не ходзяць, — гаворыць Людміла Юліянаўна. І горача дадае.- Гэта няпраўда. У бібліятэку ходзяць і вучні, і пенсіянеры, і маладыя спецыялісты – кожны са сваім клопатам, са сваёй патрэбай. Кніга патрэбна ўсім.

         Але не толькі чыста бібліятэчнай справай займаецца Людміла Юліянаўна Пазлевіч. Яна даўно і надзейна супрацоўнічае і сябруе з загадчыцай Гервяцкага Дома культуры Т.Г.Бутвіла: разам ладзяць цікавыя масавыя мерапрыемствы, святы вёсак, дапамагаюць адна адной ва ўсім, і такое ўзаемадзеянне ідзе толькі на карысць агульнай справе. Гэтак жа, як і кантакты з калегамі з іншых бібліятэк раёна – Варнянскай, Міхалішкаўскай, Ізабелінскай…

         Усё жыццё Людміла Юліянаўна мела асноўную мэту жыцця:  прыносіць сваёй працай карысць людзям. Цяпер, калі бібліятэчнай справе аддадзена  больш як чвэрць стагоддзя, можна смела сказаць: гэтая мэта ажыццяўляецца ёю штодзённа.

Захавальніца даўніны

         Софія Іосіфаўна Комар, калі  вярнулася дамоў, у Бабраўнікі, пасля няўдалай спробы стаць гараджанкай, найперш уладкавалася ў мясцовы сельскі клуб. З цягам часу клуб закрыўся, а жанчына стала загадваць бібліятэкай, якая размяшчалася ў адным будынку з пачатковай школай, (закрылі васьмігодку). Той час яна ўспамінае з настальгіяй: заўсёды дзіцячы гоман напаўняў жыццём і школу, і бібліятэку.

         Што патрэбна вяскоўцам, Софія Іосіфаўна ведае даўно – вырасла сярод гэтых людзей. І калі ў свой час дырэктар ЦБС В.С.Тумаш прапанавала  збіраць у бібліятэцы старыя рэчы, каб стварыць этнаграфічны куток, яна зразумела: гэта тое, што трэба, што зможа аб’яднаць і старых, і маладых.

         Але на першым часе, прызнаецца, саромелася хадзіць па  хатах, прасіць нешта… Ды людзі самі прыйшлі на дапамогу. Першы экспанат – калаўрот – прынесла Рэгіна Іосіфаўна Блашкевіч. З таго і пайшло: хто незвычайнай работы саламяны збан падаруе, а хто – пацямнелае ад часу люстра ў арыгінальнай раме;  той старадаўнюю драўляную каўбасніцу (ці помніць хто, як з дапамогай такой хітрай прылады чыніліся  “пальцам пханыя” каўбасы), а гэты – лапці лыкавыя; нехта рэдкай прыгажосці саматканы ручнік, а іншы – стары патэфон; той – дзіцячую люльку, а гэты – рознакаляровыя, бы вясёлка на небе, ходнікі…

         Асобная гісторыя была з кроснамі – іх адшукала на гарышчы бібліятэчная тэхнічка ў купленай  у вёсцы хаце. Сяк-так сцягнулі жанчыны грувасткія прылады, а вось як іх сабраць, каб ткацкі станок атрымаўся, ніяк прыдумаць не маглі.

         Звярнуліся па дапамогу да слыннай бабраўніцкай ткачыхі Ірыны Іосіфаўны Мураўскай: яна і сама за кроснамі з дзяцінства сядзела, рэдкай прыгажосці ручнікі ды дываны ткала, і маці яе, і бабуля вядомымі ў акрузе майстрыхамі гэтай тонкай справы былі.

         Дапамагла ім Ірына Іосіфаўна сабраць кросны – сапраўды, вялізныя; нідзе ў вёсках да таго і не бачаныя. Мураўская прыпомніла, што як яшчэ была малым дзяўчом, то бачыла, як на такіх кроснах бабулі ткалі дываны – суцэльныя, бясшоўныя. Так што гэтыя кросны, што стаяць цяпер ў Бабраўніках у бібліятэцы, можа, самыя старыя ў раёне. Што яны яшчэ з пазамінулага стагоддзя – то дакладна.

         -Шмат мне дапамог у збіранні экспанатаў Уладзіслаў Браніслававіч Праўлуцкі, — гаворыць Софія Іосіфаўна.- Гэта ўвогуле вельмі цікавы чалавек, які, хоць і жыве цяпер у Вільні, шчыра цікавіцца гісторыяй роднага краю. Ён падарыў бібліятэцы багатую нумізматычную калекцыю. Часта бываючы ў Бабраўніках ці навакольных вёсках, заўсёды звяртае ўвагу на арыгінальныя старадаўнія рэчы – і ці сам выпрасіць, прынясе, ці мне падкажа, да каго звярнуцца.

         Паступова стварэнне музея нібы стала справай гонару для мясцовых жыхароў: многім хацелася пакінуць пасля сябе памяць. Тым больш, што Софія Іосіфаўна помніць усіх “дарыцеляў”. Да прыкладу шмат  цікавых збанкоў, цабэркаў перадала ў музей Яніна Лукша з Шульнікаў. Жанчыны ўжо, на жаль, няма, а стваральніца музея ўсім расказвае пра экспанаты і жанчыну, што іх падаравала – і такім чынам працягваецца жывая памяць пра чалавека.

         Так,рэч да рэчы, экспанат да экспаната — і  этнаграфічны куток у Бабраўніцкай  сельскай бібліятэцы перарос у пакой, а той, у сваю чаргу, у сапраўдную музейную экспазіцыю, якой стала цесна ў існуючым памяшканні. Таму класы, якія вызваліліся, былі вельмі дарэчы. Аддзел культуры райвыканкама, улічваючы, што зрабіла за гэты невялікі час Софія Іосіфаўна і якія ў яе грандыёзныя планы на будучыню, рэарганізаваў Бабраўніцкую сельскую бібліятэку ў бібліятэку-музей.

         Можа нейкі скептык скажа: “А каму патрэбен гэты музей у неперспектыўнай вёсцы? Хто туды ходзіць?” Але ж ходзяць! І вяскоўцы, і іх дзеці, што прыязджаюць сюды пагасціць, ды і з іншых вёсак прыходзяць людзі, каму неабыякавая гісторыя роднага краю, жыццё нашых продкаў. З цікавасцю разглядаюць экспанаты, распытваюць, захапляюцца – і цягнецца такім чынам нітачка, што звязвае мінулае і сучаснае, не рвецца повязь часоў.

         Але не толькі захаваннем і прымнажэннем музейнай экспазіцыі і не толькі бібліятэчнай справай займаецца Софія Іосіфаўна. Яна піша летапіс сваёй вёскі – і ў гэтым бібліятэкару таксама дапамагаюць пажылыя людзі.

         Напэўна, ад такіх вось зносін і нарадзілася ў бібліятэкара ідэя стварыць клуб “Залаты ўзрост”. Раз у месяц збіраюцца ўжо сталыя жанчыны ў бібліятэцы, каб пасядзець разам, папіць духмянай кавы ці гарбаты, пагаманіць пра тое-сёе, падзяліцца ўзорамі вышыванак – у вёсцы непераўзыйдзеныя майстрыхі гэтай справы, можна сказаць, сапраўдныя мастачкі Вера Іванаўна Дарашкевіч і Галіна Казіміраўна Мураўская – ці рэцэптамі, часам паспяваць. А найбольш —  адагрэцца душою.

         Але стала апошнім часам заўважаць Софія Іосіфаўна, што неяк пакрыўджанай застаецца вясковая моладзь: усё, маўляў, для пажылых, нібы нам адпачыць не хочацца. Але цяпер, калі бібліятэцы перадалі будынак школы, і для маладых можна будзе наладжваць цікавыя мерапрыемствы – месца хапае.

         Хоць і адна ў Бабраўніках установа культуры, ды і тая своеасаблівая – бібліятэка-музей, але ж гаспадыня яе, сапраўдны энтузіяст сваёй справы Софія Іосіфаўна Комар, імкнецца, каб кожны знайшоў тут сабе адпачынак для душы.

Гаспадыня Спондаўскага краю

         У невялічкім памяшканні Спондаўскай сельскай бібліятэкі заўсёды адчуваецца нейкая няўлоўная дамашняя ўтульнасць. На першы погляд усё як і ў звычайнай вясковай бібліятэцы: стэлажы з кнігамі, стол, некалькі крэслаў, як і ўсюды – фіранкі на вокнах. А пасядзіш тут гадзіну-другую – заўважаеш, што пакідаць гэты ўтульны пакой і яго гасцінную гаспадыню зусім не хочацца. Такое адчуванне, напэўна, знаёма многім, хто ўпершыню пераступаў парог Спондаўскай бібліятэкі.

         Невысокая, светлавалосая гаспадыня тамтэйшага кніжнага царства – Іаланта Францаўна Валуевіч – працуе тут вельмі даўно. У 2005 годзе, справіла яна свой 35-гадовы працоўны юбілей. Свой лёс з культурай, з бібліятэкай у прыватнасці, звязаць  для Іаланты Францаўны дапамог выпадак. Шчаслівы выпадак. У дзяцінстве ёй вельмі хацелася стаць следчым – весці даследаванне, дапытваць злачынцаў, прымаць удзел у групе захопу. Таму пасля заканчэння мясцовай школы вырашана было паступаць на юрыдычны факультэт. Аднак у Астравецкім аддзеле ўнутраных спраў з яе толькі пасмяяліся – не дзявоцкі гэта занятак лавіць злачынцаў. У Спондах тады свабодным было месца бібліятэкара, і яна пайшла працаваць туды. Праз год паступіла на завочнае аддзялення бібліятэчнага факультэта Мінскага педагагічнага інстытута імя Максіма Горкага. Стала адначасова вучыцца і працаваць.

         Чым больш  працавала, тым больш і больш падабалася ёй гэтая прафесія. Хоць некаторыя рэчы азмрочвалі яе. У тыя застойныя, як прынята цяпер называць, часы ў першую чаргу неабходна было прапагандаваць матэрыялы партыі ды рашэнні чарговых з’ездаў. Іх неабходна было вывучаць і даводзіць да людзей, што не зусім падыходзіла да характару Іаланты.

         Затым яе абралі сакратаром камсамольскай арганізацыі ў мясцовым калгасе. Давялося больш глыбей усё ж такі ўнікаць ва ўсе гэтыя матэрыялы. Паціху звыклася, і з цягам часу прадстаўленні аб іншай прафесіі проста прапалі. Прапалі настолькі, што калі нават ёй сталі прапаноўваць работу  ў райкаме камсамола і райкаме партыі, Іаланта Францаўна адмовілася. Хоць перспектывы ў тых установах вядома якія былі.

         — Толькі тады я зразумела, што гэта, бадай, самая цікавая прафесія, — дзеліцца сёння Іаланта Францаўна. – Мне заўсёды падабалася сустракацца з людзьмі, дапамагаць ім вызначыцца з кнігай, а пасля пачуць ад іх водгук аб ёй. А яшчэ мне вельмі падабаецца праводзіць розныя мерапрыемствы, святы, вечары адпачынку. Мяне натхняе сам працэс: вось людзі – і старыя, і маладыя – збіраюцца разам, далучаюцца сумесна да кніг, да дабрыні.

Спондаўшчына слынная сваімі землякамі, сярод якіх каталіцкія святары Янка Быліна і Казімір Сваяк, кампазітар Альбін Стаповіч, беларускі вучоны – асветнік і грамадскі дзеяч А.Клімовіч. Усе гэтыя людзі жылі і працавалі ў пачатку і сярэдзіне мінулага стагоддзя, — прадаўжае Іаланта Францаўна. – А колькі яшчэ тут проста цікавых людзей, якіх можна лічыць носьбітамі фальклору, сведкамі гістарычных падзей. Аб адным  толькі разьбяру Міхасю Валуевічу колькі можна расказваць! Дзед Міхалка жыў на маім родным хутары Глушыца. Сваю  большую частку жыцця ён аддаў вырабам з дрэва. Яго ніхто не ўспрымаў усур’ёз, нават жонка і дзеці лічылі дзіваком. У хаце ў яго была гліняная падлога, а ўсё вакол застаўлена драўлянымі забаўкамі, як ён сам называў свае скульптуры. Колькі іх было, ніхто дакладна  не ведае. На сённяшні дзень шмат вырабаў перададзена ў  Гродзенскі музей гісторыі і рэлігіі. Менавіта туды перададзены і вялікі прыгожы алтар з дрэва. На жаль, прызнанне да яго прыйшло позна, толькі пасля смерці.

         Увогуле І.Ф.Валуевіч надае вялікую ўвагу краязнаўчай рабоце. За апошня дзесяцігоддзе ў бібліятэцы сабраны мясцовы фальклор, звесткі аб народных умельцах, складзены летапіс Спондаў і навакольных вёсак. Загадчыца Спондаўскай бібліятэкі арганізавала аматарскае аб’яднанне “Бацькаўшчына”, удзельнікі якога вядуць актыўную пошуковую работу па вяртанні гісторыка-культурнай спадчыны сваёй мясцовасці, выпускаюць уласную газету “Вытокі”, якая выходзіць раз у квартал. Там удзельнікі аб’яднання апісваюць свае вандроўкі як актыўную форму мерапрыемства. Вялікая работа праведзена Іалантай Францаўнай па зборы матэрыялаў, звязаных са святкаваннем значных рэлігійных свят – Калядак, Вялікадня і інш. Звесткі збіраюцца па ўспамінах старажылаў, занатоўваюцца, а пасля на іх аснове праводзяцца фальклорныя святы, гадзіны гісторыі.

         І.Ф.Валуевіч – актыўны ўдзельнік усіх краязнаўчых канферэнцый. На 2-іх чытаннях, прысвечаных першаму консулу Расіі ў Японіі І.Гашкевічу, якія праходзілі ў Мінску і Астраўцы з удзелам японскіх гасцей (матэрыялы іх выйшлі ў 2003г. асобнай кнігай), яе даклад тычыўся творчасці народнага майстра В.Ягелы. На першых раённых краязнаўчых чытаннях, прысвечаных 120-годдзю Я.Быліны, тэма яе даклада гучала так: “Клюшчані і ваколіцы ў пачатку XX ст.”. За апошні год І.Ф.Валуевіч стварыла ўнікальны фотаальбом краявідаў спондаўскага краю, фотаздымкі ў які зрабіла сама. Іаланта Францаўна — самы актыўны бібліятэкар у накірунку адшукання спонсарскай дапамогі. Так, за 2003 год план платных паслуг Спондаўскай бібліятэкай выкананы на 300%, што адпавядала 400 000 рублёў.

         Спондаўская бібліятэка – заўсёды ажыўлены, не пазбаўлены жыцця цэнтр. Гэта сапраўдны асяродак нацыянальнай культуры. На працягу многіх гадоў Іаланта Францаўна Валуевіч падтрымлівае ў сваіх чытачоў і наведвальнікаў агеньчык пачуцця гонару за сваю Радзіму, за родны куточак.