Кастрычнiк 1

Клімовіч Адольф Юстынавіч, грамадскі і культурны дзеяч, журналіст, выдаўца

Нарадзіўся 20.04.1900 г. ў в. Клюшчаны Спондаўскага сельсавета.

Першую адукацыю атрымаў у беларускай школе, адкрытай па ініцыятыве Казіміра Сваяка. У час вучобы ў Віленскай беларускай гімназіі быў адным з арганізатараў культурна-асветніцкага гуртка, які выдаў 7 нумароў часопіса “Маладое жыццё”. У 1918 г. ўдзельнічаў у Беларускай канферэнцыі ў Вільні. У 1921 годзе скончыў гімназію і беларускія настаўніцкія курсы. У 1922-1928 гг. вучыўся ў Пражскай вышэйшай школе інжынераў сельскай і лясной гаспадаркі (Чэхія).

Узначальваў аддзел міжнародных зносін Аб’яднання беларускіх студэнцкіх арганізацый, удзельнічаў у міжнародных з’ездах і кангрэсах у Рыме, Жэневе і інш.

Пасля вяртання ў Заходнюю Беларусь не мог знайсці працу па спецыяльнасці. Падтрымліваў цесныя кантакты з культурна-асветніцкай арганізацыяй – Беларускім інстытутам гаспадаркі і культуры ў Вільні, кіраваў яго гаспадарчым аддзелам. Адначасова  выкладаў у Віленскай беларускай настаўніцкай семінарыі імя Ф. Багушэвіча, але польскія ўлады закрылі яе ў 1932 г. У 1932-1939 гг. рэдагаваў беларускі часопіс “Самапомач”. Як прадстаўнік беларускага нацыянальнага камітэта быў накіраваны на ХІ кангрэс нацыянальных меншасцей у Жэневе (1933), аднак не атрымаў дазволу на выезд за мяжу. Належаў да актыву Беларускай хрысціянскай дэмакратыі. З 1936 г. кіраўнік Беларускага нацыянальнага прадстаўніцтва ў ІІ Польскай Рэспубліцы, рэдактар інфармацыйнага бюлетэня “Wiadomosti Bialoruskie”.

У 1938 годзе польская адміністрацыя выслала яго з Вільні, некаторы час жыў у Варшаве. Быў сакратаром, старшынёй Беларускага цэнтра ў Літве, рэдактарам газеты “Крыніцы”.

У час Другой сусветнай вайны працаваў у Беларускай народнай самапомачы ў Лідзе. Адмовіўся выехаць на Захад перад наступленнем савецкіх войск у 1944 г. Пасля вайны быў арганістам у Жылінах каля г. Тракай (Літва).

У 1952 годзе арыштаваны органамі НКУС, прыгавораны да вышэйшай меры пакарання. У красавіку 1953 года растрэл заменены 25 гадамі лагераў. Вызвалены ў 1957 годзе.

Вярнуўся ў Вільнюс у 1960 г., працаваў арганістам. Падтрымліваў сяброўскія сувязі з многімі дзеячамі беларускай дыяспары ў Літве і іншых краінах. Збіраў біяграфічныя матэрыялы пра віленскіх беларусаў, пісаў артыкулы пра захаванне спадчыны. Асноўная праца А. Клімовіча “Земляробчая чытанка” (Вільня, 1932) – своеасаблівы падручнік па сельскай гаспадарцы, які карыстаўся вялікай папулярнасцю.

Памёр 24.11.1970 года ў Вільні.

Літаратура:

  1. Вабішчэвіч, А. Ураджэнцы Астравеччыны ў памежных краінах: Клімовіч Адольф / Аляксандр Вабішчэвіч // Астравецкая праўда. – 2001. – 24 студзеня. – С. 2-3.
  2. Казлоўскі, М. Нашчадак слаўных крывічаў: Эцюд да партрэта Адольфа Клімовіча, чалавека і грамадзяніна / Міхась Казлоўскі. – Мінск: Кнігазбор, 2008. – 160 с.
  3. Каханоўскі, Г. Клімовіч Адольф / Генадзь Каханоўскі // Беларуская энцыклапедыя: У 18 т. Т. 8: Канто – Кулі / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭн, 1999. – С. 342.
  4. Каханоўскі, Г. Клімовіч Адольф / Генадзь Каханоўскі // Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. У 6 т. Т. 4: Кадэты – Ляшчэня / Рэдкал.: Г. П. Пашкоў. – Мінск: БелЭн, 1997. – С. 199-200.
  5. Савік, Л. С. Клімовіч Адольф Юстынавіч / Л. С. Савік // Памяць: Гістарычна-дакументальная хроніка Астравецкага раёна / Рэд. кал.: Г. П. Пашкоў і інш. – Мінск: БелЭН, 2004. – С. 454.
  6. Тумаш, В. Адольф Клімовіч, беларускі вучоны-асветнік, грамадскі дзеяч / Вера Тумаш // Тумаш В. Культура зямлі Астравецкай: Асобы і творы: даведнік. – Мінск: Беларускі кнігазбор, 2000. – С. 17.



Апублікавана 01.10.2016 Голуб Н.В. у рубрыцы "Краязнаўства

Добавить комментарий